БЛОГ

Сёння дзіцяча-юнацкая спартыўная школа аб’ядноўвае розныя віды спорту: конны, плаванне, футбол, барацьбу і іншыя. Дырэктарам з’яўляецца М. В. Аўсейчык. Конны комплекс размешчаны па адрасе: г. Ваўкавыск, вул. Перамогі, 66. Коннай часткай ведае заатэхнік І. І. Паўловіч. Конны спорт стаў развівацца ў Ваўкавыску з 1991 г. Сёння тут займаюцца пад кіраўніцтвам прафесійных трэнераў Г. Г. Старажука і К. У. Змiтровiча (абодва кандыдаты ў майстры спорту) – каля 35 дзяцей і падлеткаў ад 10 да 18 гадоў.

На базе школы праводзяцца коннаспартыўныя спаборніцтвы – першынство вобласці. У 2011 і 2012 гг. сярод пераможцаў і прызёраў былі і вучні школы. Усяго коннаспартыўнай школай было падрыхтавана пяць кандыдатаў у майстры спорту. Школа, нягледзячы на раённы статус, мае філіял у Навагрудку.

Ваўкавыская ДЮСШ прафзвязаў (да 2010 г. – «Срэбная падкова») размешчана ў невялікім старадаўнім горадзе, цікавым з пункту гледжання пазнавальнага і этнічнага турызму. Конны пракат, з элементамі коннага турызму, стаў развівацца на базе школы з 2008 года. Сёння, асабліва ў вяснова-летні перыяд, тут займаюцца верхавой яздой і лячэбнай фізкультурай дзясяткі гараджан рознага ўзросту. Папулярныя, асабліва ў вясельных пар, фотасесіі з конямі. Заняткі праводзяцца ў манежах, у дасведчаных вершнікаў ёсць магчымасць здзяйсняць з інструктарам конныя шпацыры і конна-палявыя выезды ў наваколлі горада і нават у сам горад. Шматдзённыя конныя паходы пакуль не практыкуюцца.

Конны двор займае тэрыторыю 0,7 га. Інфраструктура досыць развіта – ёсць стайня на дваццаць галоў, вялікі манеж (100×50 м), крыты манеж (выкарыстоўваецца для верхавой язды частка 18×20 м), левада і «бочка» для трэнінгу дыяметрам 15 м. Такім чынам, конны складнік школы мае ўсё неабходнае і для коннага спорту, і для падрыхтоўкі вершнікаў да конна-палявых выездаў.

Сёння ў стайні 14 коней: 10 належаць Ваўкавыскай ДЮСШ прафзвязаў; 4 узяты ў арэнду ў аграрнага каледжа. Для праката выкарыстоўваецца 9 коней, у тым ліку адзiн беларускай пароды класічнай саловай масці. Акрамя таго, па пародах: ёсць тры тракененскiх коні, сем – латвійскіх, адзiн – альдэнбургскi і два тракена-рысiстай помясі. Амаль усе выкарыстоўваемыя школай пароды і помясі – класічныя для беларускай конегадоўлі, яны даўно адаптаваны да ландшафтна-кліматычных асаблівасцяў Беларусі, разводзяцца тут заводамі і гаспадаркамі і павінны разглядацца як мясцовыя пароды, цікавыя з пункту гледжання не толькі пазнавальнага, але і этнічнага турызму.

231900, г. Волковысск, ул. Победы, 66 

факс (8-01512) 26-9-58 

serebr-podkova@tut.by