БЛОГ

Гаспадарка РУСП «Саўгас Лідскі» размешчана ў Лідскім раёне Гродзенскай вобласці ў аграмястэчку Дварышча. З канца 80-х гг. мінулага стагоддзя займаецца гадоўляй племянных коней тракененскай і беларускай запражной пароды. Разводзяць коней на каняферме Эйтуны. Тут коні нараджаюцца і ўтрымліваюцца да сямі месяцаў. Пры нараджэнні на жарабятаў запаўняюцца сведчанні, а дадзеныя пра коней тракененскай пароды заносяцца ў дзяржаўную племянную кнігу, якая выдаецца Усерасійскім (раней – Усесаюзным) даследчым інстытутам конегадоўлі.

Затым спартыўныя коні перакладаюцца ў стайню, што знаходзіцца ў Дварышчы. Там жарабятаў рыхтуюць для далейшай рэалізацыі ці спорту.

На базе мясцовай гаспадаркі ў 1989 г. была адкрыта коннаспартыўная школа. Спартсмены з Дварышча выйгравалі міжнародныя турніры і чэмпіянаты краіны. Сюды на спаборніцтвы прыязджалі коннiкi з Расіі і Еўропы. Усяго коннаспартыўнай школай было падрыхтавана чатыры майстры спорту, дзевяць кандыдатаў у майстры спорту, 13 першаразраднікаў. І сёння тут займаюцца конным спортам тры дзясяткі дзяцей і падлеткаў. Нягледзячы на моцныя традыцыі і конную базу, у Дварышчы так і не быў адкрыты коннаспартыўны цэнтр.

«Саўгас Лідскі» валодае вялікай коннай гаспадаркай. Інфраструктура, нягледзячы на матэрыяльную зношанасць, досыць развіта – ёсць тры стайні: адна на 20, другая на 29 і трэцяя на 53 галавы, ёсць каркасны спорткомплекс, які выкарыстоўваецца не па прызначэнні, і канкурнае поле, таксама маюцца левады, паша і «бочка» для трэнінгу. Такім чынам, конны складнік гаспадаркі і сёння валодае немалым патэнцыялам, прыдатным не толькі для развіцця племянной конегадоўлі і коннага спорту, але і для коннага турызму.

Коні ў «Саўгасе Лідскі» – гэта этнапрыродны аб’ект. «Саўгас Лідскі» ўключаны ў дзяржаўную праграму па племянной справе ў жывёлагадоўлі на 2011–2015 гг. Сёння ў гаспадарцы 111 канёў: 6 чыстапародных жарабцоў і некалькі дзясяткаў канематак планавых парод. Ёсць таксама гановерскія і будзёнаўскiя коні. Мясцовыя тракененскiя коні (напрыклад, Нега, Напор) вядомыя сваімі спартыўнымі поспехамі за межамі рэспублікі. Беларуская запражная парода ўніверсальная: у Дварышчы на беларускіх конях трэніруюцца дзеці. Тут можна не толькі ўбачыць коней, але і набыць.

Мясцовыя беларускія коні з поспехам бралі ўдзел у фэстах беларускага каня, якія праходзяць у рэспубліцы. На трэцім фэсце беларускага каня ў рамках міжнароднай выставы «БЕЛАГРА-2012» РУСП «Саўгас Лідскі» стаў пераможцам, а яго коні сталі лепшымі ў рынгу-вывадку жарабцоў-вытворцаў, канематак і маладняка.

 

231307, Лидский р-н, д. Дворище, ул.Центральная, 6 

horses-Lida@tut.by horses-Lida@rambler.ru 

Тел.: (8-01561) 26-7-00, факс: 99-3-63