Населенные пункты

Кожны, хто пабывае ў Панёманні, павінен абавязкова ўбачыць Свяцк, адно з цікавейшых месцаў ва ўсёй заходняй Беларусі. А яшчэ і таму, што ад трасы, якаявядзе ад Гродна да Аўгустоўскага канала, да Свяцка, як кажуць рукой падаць. Тут знаходзіцца палацава-паркавы комплекс, які калісьці быў уласнасцю графскага роду Валовічаў. Ён быў пабудаваны ў другой палове XVIII ст.

Аўтарам праекта з'яўляецца вядомы італьянскі дойлід з Вероны Джузэппэ дэ Сакка - архітэктар яго каралеўскай вялікасці Станіслава Аўгуста Панятоўскага.

Палацавы комплекс складаецца з трох будынкаў - цэнтральнага палаца і двух бакавых флігеляў. Яны адрозніваюцца як архітэктурным стылем, так і часам пабудовы. Будаўніцтва пачаў яшчэ граф Юзэф Валовіч - гродзенскі стараста. Пасля яго смерці ў 1779 годзе пачатую справу давяршыў яго сын Антоній - Мярэчскі кашталян (сучасны Мяркіня ў Літве), а затым сенатар Каралеўства Польскага. Маёнтак заставаўся ў руках Валовічаў да другой паловы XIX ст., а затым пераходзіў з рук у рукі.

Пасля Першай сусветнай вайны палацавы комплекс знаходзіўся ў жудасным стане. Аднак пазней яго набыў Дэпартамент здароўя даваеннага польскага ўрада. Будынак быў адрамантаваны і прызначаны для размяшчэння ў ім ... санаторыя для наркаманаў. Пасля Другой сусветнай вайны ў будынку палаца працягваў знаходзіцца санаторый, але ўжо зусім іншага профілю.

Амаль да нашага часу захаваліся многія дэталі былога інтэр'ера палаца. Звяртае на сябе ўвагу шырокая лесвіца, якая вядзе ў рэпрэзентатыўныя залы, размешчаныя на другім паверсе. Часткова захаваліся элементы некалі багатага інтэр'ера: каміны, арыгінальныя печы, упрыгожаныя разьбой дзверы, сцюковая лепка і іншыя характэрныя дэталі.

Шаблоны joomla 3